Установа культуры «Музей гісторыі горада Магілёва»

Музей заснаваны ў 1990 г., для наведвання адкрыты ў 1992 г. Асноўная місія музея — рэпрэзентацыя Магдэбургскай эпохі ў гісторыі горада і краіны. Асноўныя экспазіцыі музея: «Ад гарадзішча да горада. Дамагдебургскі перыяд Магілёва», «Пад абаронай права хрысціянскага, ад Бога дадзенага. Магдэбургскі Магілёў», «Ад вольнага горада да сталіцы Падняпроўска-Пасожскага краю. Магдэбургскі і губернскі Магілёў». Экспазіцыі дэманструюць асноўныя этапы развіцця культуры горада, важнейшыя аспекты побытавай культуры і гарадской штодзённасці з улікам субкультур розных сацыяльных, этнічных і канфесійных груп насельніцтва Магілёва. Агульная колькасць адзінак захоўвання (на 2019/01/01) — 13274. Найбольш характэрныя прадметы з фондаў музея: Статут ВКЛ 1588 г., рыцарскі даспех воіна, які загінуў у бітве на р. Віхры ў 1501 г., кніга Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі», літургічнае покрыва з фрагментамі слуцкіх паясоў, калекцыя кніг Магілёўскай брацкай друкарні XVII — XVIII стст.

Музей праводзіць аглядныя экскурсіі па аб'ектах гісторыі і культуры горада Магілёва, па экспазіцыі музея і яго філіяла «Буйніцкае поле», а таксама тэматычныя экскурсіі, раз у два гады музей праводзіць канферэнцыю «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць». Філіял музея — Буйніцкае поле. Таксама ў склад музея ўваходзіць гарадская Выставачная зала.